СТРАКА́ТЫ ВЕРШ,

верш, напісаны на дзвюх ці больш мовах. У адрозненне ад макаранічнага верша, у якім словы з розных моў знаходзяцца побач у адным вершаваным радку, для С.в. характэрна пэўная сістэмнасць ва ўжыванні іншамоўнай лексікі. Вытокі бел. С.в. ў сярэдневяковых бел. інтэрмедыях, дзе паны, багі і чэрці звычайна гаварылі па-польску, а сяляне — па-беларуску. У асобных двухмоўных творах В.​Дуніна-Марцінкевіча (напр., у «Ідыліі») таксама існавала моўнае размежаванне паміж прадстаўнікамі пануючых класаў і працоўных (мова першых польская, другіх — беларуская). У С.в. ўжыванне той ці інш. мовы строга вытрымана ў межах пэўных частак ці асобных строф твора. Напр., у вершы П.​Бузука «Як хазяін, чи гість, я не знаю» першыя 8 і апошнія 12 радкоў напісаны па-ўкраінску, сярэднія 17 —па-беларуску.

В.​П.​Рагойша.

т. 15, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)